Мц 5
1 Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2 І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
3 Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
4 Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5 Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
6 Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7 Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8 Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10 Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
11 Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
12 Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13 Вы - соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.
14 Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
15 І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
16 Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
18 Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
19 Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
20 Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21 Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб'е, падпадае суду».
22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.
23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,
24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25 Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
26 праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
27 Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».
28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
30 І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
31 Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.
32 А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.
33 Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».
34 А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы;
35 ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
36 ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
37 А хай будзе слова ваша: «так - так», «не - не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38 Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».
39 А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
40 і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;
41 і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».
44 А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;
45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
47 І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?
48 Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.