Мц 4
1 Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.
2 І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.
3 І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4 А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
5 Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,
6 і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
7 Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».
8 Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,
9 і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10 Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».
11 Тады пакідае Яго д'ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.
12 Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
13 і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,
14 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
15 «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
16 народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».
17 З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
18 А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
19 І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
21 Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
22 І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
24 І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
25 І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.