Іс 19
1 Прароцтва пра Егіпет. - Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.
2 Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.
3 І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, - і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.
4 І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
5 І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;
6 і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.
7 Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.
8 І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;
9 і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;
10 і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.
11 Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: «я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?»
12 Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?
13 Звар'яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.
14 Гасподзь уліў у яго дух чмуру, - і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п'яны па ванітах сваіх.
15 І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.
16 У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.
17 Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.
18 У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.
19 У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду - каля межаў яе.
20 І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.
21 Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.
22 І паб'е Гасподзь Егіпет, - паб'е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада - і Ён пачуе іх і ацаліць іх.
23 У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне - у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.
24 У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,
25 якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх - Асірыяне, і спадчына Мая - Ізраіль.