2 Кар 9
1 Мне, зрэшты, лішне пісаць вам пра службу сьвятым,
2 бо я ведаю руплівасьць вашую, і хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія гатовая яшчэ зь леташняга году; а стараннасьць вашая падахвоціла многіх.
3 А братоў паслаў я на тое, каб пахвала мая вам не прапала марна ў гэтым выпадку, а каб вы, як я казаў, былі падрыхтаваныя,
4 і каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і застануць вас негатовых, не пасаромлены былі мы, - не кажу «вы», - пахваліўшыся так упэўнена.
5 Вось чаму я палічыў патрэбным упрасіць братоў, каб яны першыя пайшлі да вас і папярэдне паклапаціліся, каб абвешчанае ўжо дабраславеньне ваша было гатовае, як дабраславеньне, а не як прымусовая даніна.
6 Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
7 Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.
8 А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,
9 як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі».
10 А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,
11 так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.
12 Бо справа служэньня гэтага ня толькі дапаўняе ўбогасьць сьвятых, але нараджае ў многіх удзячнасьць Богу;
13 бо, бачачы досьвед у гэтым служэньні, яны славяць Бога за пакору вызнаванаму вамі Дабравесьцю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць зь імі і з усімі,
14 молячыся за вас, па прыхільнасьці да вас, за шчодра сутную ў вас мілату Божую.
15 Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!